11 лістапада 2023 г. — 60 гадоў з часу заснавання ўстановы «Занальны дзяржаўны архіў у г. Кобрыне» (1963)
Архіў у г. Кобрыне быў створаны 11 лістапада 1963 г. згодна з пастановай Савета Міністраў БССР «Аб мерах па паляпшэнні архіўнай справы ў БССР» як філіял дзяржаўнага архіва Брэсцкай вобласці ў г. Кобрыне.
11 лютага 2020 г. — 80 гадоў з дня ўтварэння Дзяржаўнага архіва Баранавіцкай вобласці (Установа «Занальны дзяржаўны архіў у г. Баранавічы»; 1940)
Дзяржаўны архіў Баранавіцкай вобласці створаны згодна з Пастановай Савета Народных Камісараў БССР «Аб арганізацыі архіўнай справы ў Баранавіцкай, Пінскай, Вілейскай і Беластоцкай абласцях БССР» ад 11 лютага 1940 г. Архіў збіраў дакументы, забяспечваў іх захаванасць, здзяйсняў інфармацыйнае абслугоўванне ўсіх галін народнай гаспадаркі. Да чэрвеня 1941 г. былі сабраныя дакументы органаў адміністрацыі, гаспадарчых арганізацый і прадпрыемстваў, культурна-асветніцкіх арганізацый, рэлігійных устаноў у асноўным за 1919–1939 гг., часткова за дарэвалюцыйны перыяд.
11 лютага 2020 г. — 80 гадоў з дня стварэння Установы «Занальны дзяржаўны архіў у г. Пінску» (1940)
Восенню 1939 г. Заходняя Беларусь была далучана да Беларускай ССР, аб’яднанне ўнесла змены ва ўсе сферы жыцця. 4 снежня 1939 г. была створана Пінская вобласць, на яе тэрыторыі быў накоплены значны масіў дакументаў, якія неабходна было захаваць і сістэматызаваць. Савет Народных Камісараў БССР 11 лютага 1940 г. прыняў пастанову «Аб стварэнні архіўнай справы ў Баранавіцкай, Пінскай, Вілейскай, Брэсцкай і Беластоцкай абласцях БССР».
11 лютага 2015 г. – 75 гадоў з часу стварэння ўстановы «Дзяржаўны архіў Брэсцкай вобласці» (1940)
Пытанне аб рэарганізацыі і цэнтралізацыі архіўнай справы ў Брэсцкай вобласці было разгледжана на пасяджэнні Брэсцкага аблвыканкама 28 студзеня 1940 года. Дзяржаўны архіў Брэсцкай вобласці быў створаны 11 лютага 1940 года ў сістэме Народнага камісарыята ўнутраных спраў БССР. У архіў былі прыняты дакументы ліквідаваных польскіх дзяржаўных органаў і ўстаноў, якія дзейнічалі ў 1919–1939 гадах на тэрыторыі Палескага ваяводства, а таксама ўсіх грамадска-палітычных, саслоўных і іншых арганізацый, органаў ваеннага кіравання і вайсковых частак, дзяржаўных, прыватных прадпрыемстваў і арганізацый, маёнткаў. Для размяшчэння архіва быў выдзелены будынак па вул. Беластоцкай, 42.